У 80-ю гадавіну разні палякаў на Валыні ўкраінскімі нацыяналістамі 7 ліпеня будзе прадстаўленая сумесная заява епіскапату Польшчы і галавы Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, што стане элементам польска-ўкраінскага прымірэння – абвясцілі польскія біскупы пасля пленарнага пасяджэння, аб чым піша Dziennik.pl.
Польскія біскупы адзначылі, што прабачэнне не азначае забыцця, але з’яўляецца неабходнай умовай у працэсе паяднання, якое можа будавацца толькі на фундаменце любові і праўды.
Спасылаючыся на пазіцыю Пастаяннай рады Канферэнцыі Біскупаў Польшчы ад 2 мая бягучага года, у кантэксце будучых выбараў, яны падкрэслілі, што «паважаючы законную аўтаномію дэмакратычнага парадку (...) таксама сёння, незалежна ад глыбокіх адрозненняў і падзелаў, польская палітыка можа і павінна заставацца разумным клопатам аб агульным дабры».
Біскупы адзначылі, што «Касцёл рашуча выступае супраць любой формы насілля, асабліва калі яно тычыцца дзяцей». Яны заклікалі да «разважлівасці і сацыяльнага дыялогу і пабудовы нацыянальнага прымірэння».
Старшыня епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі падкрэсліў, што «пытанне прымірэння не можа ісці без уліку стаўлення абодвух бакоў – украінскага і польскага, а перш за ўсё без уліку сем’яў ахвяр».
«Тое, што мы дасягнулі з нагоды 80-й гадавіны Валынскай разні, – гэта супольны тэкст, які будзе прадстаўлены на набажэнстве 7 ліпеня ў варшаўскім кафедральным саборы. Гэта першая падзея, у якой прымуць удзел як рыма-каталіцкія біскупы з Пастаяннай Рады, так і біскупы Варшавы, а таксама ўкраінскія біскупы», – падкрэсліў арцыбіскуп Гандэцкі.
Ён дадаў, што на наступны дзень удзельнікі адправяцца ва Украіну, каб адслужыць імшу ў вёсцы Паросля, дзе былі забітыя першыя польскія ахвяры. Зімой 1943 года тут загінула да 180 чалавек.
нг